Васіль Антонавіч хутка разьвітаўся і сказаў, што пойдзе паглядзіць на гаспадарку гэтай “гаспадаркі”. Мы ўтрох засталіся. Паміж намі была поўная згода ў ацэнцы сітуацыі.

Інфаркт міякарда, нанесены Дубянецкаму, гэта не лакальная справа, што замыкаецца на ім жа. Гэта інфаркт атрымала беларуская літаратура. “Строгае” папярэджаньне, адрасаванае ў афіцыйных грозных дакументах М. Дубянецкаму, гэта перш за ўсё папярэджаньне, адрасаванае ўсёй літаратуры. Тыя “грахі”, што інкрымінуюцца кіраўнікам выдавецтва, не яны ж іх самі зрабілі. Яны проста да аўтараў ставіліся самі паблажліва, і з рэдактараў не спускалі шкуру, калі тыя нешта “прапускалі”.

Аб’ект гэтага ІМ (як скарочана запісана ў санаторнай кніжцы, выдадзенай адразу ж тут) выбраны правільна. Ён цяпер найбольш небясьпечны праціўнік. А як біць? Балюча біць: удар трэба наносіць, як вучыць ваенная тактыка, па мажлівасьці сьмяртэльны, альбо такі, каб вывеў праціўніка са строю.

Дурні! Надта позна разгледзелі “аб’ект”. Хіба не маглі яго ацаніць яшчэ ў 1962 годзе, калі гэты “аб’ект” адкінуў ледзь ня з першай рэдагуемай ім кнігі аж 50 цэнзарскіх умяшаньняў! Ды яшчэ ў дадатак назваў гэтую ўстанову Трэцім упраўленьнем. Што ж, правялі гучны сход у матузаўскім выдавецтве, аднак, галоўнае сьпісалі на нявопытнасьць. Намесьнік начальніка Галоўліту Захарава прызнала, што яшчэ гісторыя беларускай (думаю, што і ўсёй савецкай) цэнзуры ня ведала такога нахабна наіўнага рэдактара. Вельмі зручны быў момант “распазнаць” яго і тады, калі ён, насуперак “дзяржаўнай” думцы Камітэту па друку арганізаваў выданьне 30-томнага збору “Беларускай народнай творчасьці”, а пасьля, праз некалькі гадоў рашуча адбіў гэтае эпахальнае для беларускай культуры выданьне ад партыйнага функцыянера Паўлава. Дазволілі “пагуляць” яму і ў энцыклапедыі. Тут “даручылі” вернаму Броўку выхоўваць у належным духу, ня выхаваў.



23 из 449