
Божа мілы! Колькі і беларусы разам з палякамі страцілі ад гвалтоўнай сьмерці той julrzenkі! Калі мы нагонім страчанае?!
У сваім post-інфарктным стане я, аднак, настроены даволі ваяўніча. І я цешуся гэтаму: значыць не зламалі, значыць, гартуюся ў баях. А гэта ўжо баі! Жудасныя баі! Я вытрымаў іх, Радзіма-маці! Абяцаю табе не выпускаць ініцыятывы са сваіх рук, пакуль…
А, можа, мая “ваяўнічасьць” – гэта рэакцыя на тую ваяўнічасьць, якою запоўнены ўсе гэтыя дні эфір, друк?..
4 мая 1985 г. Учора ўсе насельнікі санаторыя былі прадастаўлены самі сабе, за невялікім выключэньнем: працавала сталоўка, як звычайна, можа, яшчэ якая драбяза. Затое вечарам – нейкі прапагандысцкі Даўжэнкаўскі фільм і танцы. Надвор’е кепскае, у лесапарк ня пойдзеш, дождж (туляйся з кутка ў куток у палаце). Крыху чытаў, знаёміўся з тэмпланам свайго выдавецтва на 1986 год. А гэта занятак, калі з толкам рабіць, – не на адзін дзень.
Сёньня...
Мабыць, я хацеў сказаць, што сёньня ў санаторыі звычайны “рабочы” дзень. Даводзіцца бегаць (калі можна так сказаць пра тэмп маёй паскоранай хады) на ўсе працэдуры і “аздараўляльныя” мерапрыемствы. Апрача таго, што ў мяне было, з сёньняшняга дня пачаў хадзіць на масаж, накіравалі на электракардыяграму, можа, і яшчэ што якое, але ня ў гэтым справа..
Тое “Сёньня…” я пакінуў нерасшыфраваным таму, што адначасова з яго нанясеньнем на паперу ў палату зайшлі: Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Васіль Вільтоўскі. Апошні, жартуючы, уручыў мне ладны пук невядомай мне дагэтуль расьліны чарамшы:
– Гэта чарамша. Ёю і закусваць можна моцныя напіткі і спажываць у выглядзе салаты, можна з алеем, са сьмятанаю, а то і проста з сольлю. Пакаштуйце, калі ласка.
Я адкусіў вострую “дзюбку” ад прыгожага сваёй незамыславатасьцю ліста, вельмі падобнага на ландышавы, павольна пажаваў і выразна адчуў пах, вастрыню і смак часныку, праўдзівей, яго зялёнай наземнай часткі. Ня ведаючы, што я з гэтай “гароднінаю” буду рабіць, я прыняў яе з Васілёвых рук і паклаў, ня гледзячы, на падаконьнік. Паміж мною і гасьцямі з першай секунды іх зьяўленьня пачалася ажыўленая размова пра ўсе тыя справы, што прывялі мяне сюды.
