
І нарэшце – выдавецтва. Тут гэтага свавольніка дагнала-такі даўно заслужаная ім узнагарода. О, як ён ганарыцца Ёю, гэтай узнагародаю! Гэта ж найвышэйшы ордэн Беларусі! Мы ўсе ордэны ведаем. Найвышэйшы мае тры ступені: Першая ступень будзе прысуджана тым, хто загінуў за Рэспубліку. Другая – за рубцы на сэрцы, за турмы і ссылкі строгага рэжыму. Трэцяя – за сур’ёзныя ганеньні.
Прыйдзе час, і, можа, Бог дасьць, буду і я гатоў узыйсьці на найвышэйшую прыступку. Я з радасьцю падымуся туды, калі ўжо зраблю ўсё для Радзімы. А цяпер пакуль яшчэ вельмі багата магу і буду рабіць. Але малю Бога, каб як найменш падымалася нас на гэтую апошнюю прыступку. Хопіць і тых вялізных ахвяраў, што мы панесьлі…
5 мая 1985 г. Каб не прыгадалі па радыё, дык і ня ведаў бы, што сёньня “дзень савецкага друку”. Гэты дзень – мой спадарожнік. Часам прыходзіць ён, недзе захапіўшы і мяне ў сваю “арбіту” (прысутнасьць на “ўрачыстым” вечары з мастацкай часткаю і інш.), часта я зусім забываю пра яго, часта нагадваюць сябры, знаёмыя сваімі віншаваньнямі мяне з гэтым “сьвятам”(!). Але ж адгэтуль, пачынаючы з сёлетняга дня друку, ён для мяне будзе ўжо нечым значным. Сёлета дасягнута поўня ў сэнсе яго зьместу: я, працаўнік друку, дагэтуль ведаў толькі свае “правы” і “абавязкі”, добра адчуваў (на сваёй скуры) “свабоду друку” ў СССР, яго “дэмакратызм” і г. д. А цяпер – ого! Цяпер я і сэрцам адчуў сапраўдны сэнс гэтага “сьвята”, усяго, што за ім стаіць. Цяпер буду штогод нейкім чынам адзначаць гэтае “і маё” сьвята…
Чую па радыё, што ў 11 гадзінаў будуць перадаваць матэрыял загадчыка сектару газетаў і часопісаў (гэтак цяпер называецца сектар друку) аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК КПБ Міколы Зяньковіча. А можа сам будзе выступаць? Ведаю загадзя пра што скажа. Трэба добра запамятаць гэтую злавесную постаць у нашым беларускім друку! Пасьля Паўлава (толькі што перадалі, што за сваю “Імперскую паранойю” атрымаў прэмію СЖ СССР) гэта другі па шаленстве і лютасьці жандарм у нашым друку. Ён жа, разам з Паўлавым, зьяўляецца суаўтарам майго інфаркту...
