– Скуль жа ж ён такі?..

– Недзе свае гадоўлі дурань…”

На палях супраць гэтай гісторыі я напісаў: “Са зьдзіўленьнем і радасьцю ўбачыў тут сваё апавяданьне, расказанае некалі Табе.

Дзякуй, што надаў яму тое значэньне, якое і належыць.

Крыху, праўда, Ты зьмякчыў сітуацыю. Але, думаю, гэта пойдзе на карысьць: у такім выглядзе можа праскочыць праз цэнзуру.

Ну, а з часам я ўсё-такі апублікую ўсю тую “цывілізатарскую” дзейнасьць “вызваленцаў”.

Падпісаў і паставіў дату: 10. IV. 85 г.

28 красавіка 1985 г. Пярэдадзень ад’езду ў Аксакаўшчыну. Сёе-тое трэба удакладніць. Зьвязваюся па тэлефоне з некаторымі супрацоўнікамі: з Жанай Сьця­панаўнай, з Серафімам Антонавічам. Перад ім паставіў задачу № 1 – давесьці да канца прадстаўленьне да заслужанага Лёні Прагіна; папрасіў, каб мне даставілі толькі што атрыманы з друку “Тэмплан’86”. Серафім кажа, што заўтра будзе сход з абмеркаваньнем “матэрыялаў” калегіі, “ ціснуць, кажа, на дысцыпліну, а галоўнае, што, здаецца, дазволілі браць М. Кусянкова загадчыкам рэдакцыі прозы”. Серафім вельмі задаволены – гэта ж яго кандыдатура, праўдзівей, яго, Пташнікава, Сачанкі, а там, недзе і Шамякіна, і Гаўрылкіна, і Мятліцкага, і астатніх гамяльчан. Кажа, што была “страшная” ананімка на Кусянкова, таму так доўга і “ўзгаднялі”. Ананімка з “высьвятленьнем” прычынаў, чаму ён апынуўся ў Сібіры.

Хацеў пагаварыць з Р. Хмялеўскай1, але ж яна недзе на дачы. У яе якраз удакладніў я ўсе вытворчыя нюансы, праблемы. Ідэалагічныя праблемы ведаю. Яны тыя самыя, што і былі, нават, здаецца, ускладняюцца больш.

Лёня ўчора прынёс мне куплены ў “Вянку” першы паэтычны зборнік Пімена Панчанкі “Упэўненасьць”, выдадзены ў 1938 годзе ў Менску Дзяржвыдавецтвам БССР.

Першы верш, як сьведчыць “Зьмест”, – “Сталіну” (стар. 3-4) выразалі. Невядома толькі хто – аўтар? той, хто здаў букіністу? ці букініст? Але ж гэта ня мае роўна ніякага значэньня, хто выразаў. Вядома ж, што ўсе літаральна тадышныя “паэты” мелі такія вершы, оды, кантаты, гімны, паэмы.



19 из 449