Маю і іншае чытаньне. Днямі папрасіў, каб мне прынесьлі рукапіс трэцяга раману Вячаслава Адамчыка “І скажа той, хто народзіцца”. Перад гэтай маёй катастрофай ён сам мне ўручыў яго са словамі: “Рабі ў ім ўсё, што палічыш патрэбным – выкрэсьлівай, дапісвай, падпраўляй, крытыкуй. Ты ж лепш памятаеш той перыяд, чым я. А я твайму густу веру”.

Раман напісаны гладка, чытаецца добра. “Умяшаньняў”, як кажуць у Галоўліце, я рабіў няшмат.

На старонцы 97-98 я са зьдзіўленьнем, але ж і з прыемнасьцю сустрэў кароткі пераказ расказанай мною калісьці Адамчыку гісторыі, сьведкам якой я быў у тым дзікім верасьні 1939 году.

У Вячаслава яна выглядае так: “Айця нясьпешна, больш зазіраючы на стосы раскладзеных на падлозе кніжак, прысеў пры стале.

– Гэта я з бібліятэкі агніака (мабыць, нейкая памылка, такога слова няма, можа, ognisko ці накшталт гэтага. – М. Д.) каляёвага (чыгуначнага клуба) аж тры мяшкі прывалок, – злавіўшы яго зірк, пахваліўся Царык. Днямі нейкі прадстаўнік з Нава­градку прыязджаў, – Царык пераважыўся, узяў з невысокага стосу чорную з залацістымі літарамі і залацістым адбіткам быка на вокладцы важкую кніжку, пагартаў яе, усьміхнуўся, прачытаўшы. – Во бачыш, габелен польскі, тканы ў Карэлічах.

І падаў Міцю не малы па фармату і памеру том:

– Энцыклапедыя старапольская! Удружу табе. Недзе тут яшчэ заваляўся другі томік… Ледзьве выратаваў…

– Як?! – перапытаў Міця, разгортваючы кнігу і гартаючы старонкі з гербамі.

– Сьмехата бярэ, як успомню. Ты, брат, веры не дасі. Падасьць мне кніжку і кажа: “Чытай”.

– А што, хіба сам ня ўмеў?

– Не… Я нават, зрэшты, падумаў. Ці ўмее ён па-руску.

– Прыкладаеце.

– Вот табе маеш, – Царык пацягнуў сябе за доўгі нос, чмыхнуў у яго. – Падаў кніжку Ажашковай і, калі прачытаў назву “Хам”, ажно чырваньню наліўся і кажа: “Вот они и называли вас так-то – хамами”. Ледзьве ўталкаваў яму, што гэта польская класіка.



18 из 449