Але вось такі верш – ці багата хто меў?

Пяе беларускі народ

Гнеў, устань, раздаві фашысцкіх сабак!

Спапялі ядавітую гадзіну!

Яны прагнулі з пенай на сініх губах,

Адабраць, што нам Сталіным дадзена.

Слава пільным ежоўцам. Не ступлен іх меч!

Беларускі народ ашчасьліўлены

Ад Палесься да Полацка сьпеў загрымеў

Радасьць хлынула сьвежымі ліўнямі…

(І ў такім жа духу яшчэ 6 строфаў!)

Што можна нават цяпер сказаць на такую жывёльную радасьць “інтэлігента”, што “неступленыя мячы” “славутых пільных ежоўцаў” ледзь не напалову прарэ­дзілі беларускі народ?!

Ці ж можа Лёня і Лёні мець нешта агульнае з сёньняшнімі “народнымі”, “лаўрэатамі” і г. д., якія тады выказвалі такім чынам сваю радасьць? Лёня кажа, што гэта іх тады натхняла(!!!), а нас цяпер і БАМы не натхняюць, і няма ў нас таго ідэалу, які быў у тых пакаленьняў. А тое, што ў нас ёсьць, мы і выказваем такім чынам, што гэта чамусьці, і на жаль, не падабаецца Тым. А зрэшты, хто яны нам тыя? Калі мы перастанем азірацца на іх!

29 красавіка 1985 г. Прыезд у санаторый “Аксакаўшчына”, на “рафіку”. Прыехала чалавек 8-9. Сьняданьне. Рэгістрацыя: санкніжка 386, палата 222, аддзяленьне клінічнае. Тэрмін лячэньня з 29. IV. па 22. V. Урач Сяргей Сяргеевіч Карыцька. Паважаю і люблю яго яшчэ з першага свайго побыту тут. Дарэчы, я не сустракаў такіх, хто б яго не любіў. А гэта дзіўна, бо ён жа ня толькі ўрач, але і адміністратар – загадчык клінічнага аддзяленьня.

Прыйшоў у сваю палату. Яна на другім паверсе. Мой сусед пенсіянер нара­джэньня 1926 году – Яўгеній Сяргеевіч Пераверзеў, служыў, як кажа, у пракуратуры, якая яго і зрабіла так рана інвалідам. Перанёс некалькі інфарктаў, да таго ж яшчэ мае кілаграмаў 30 лішняе вагі. Аднак цікава: маім суседам па палаце 406 у бальніцы таксама быў пракурор у адстаўцы, не стары, гадоў 60, а не працуе ўжо каля 10 гадоў – меў інфаркты і г. д. Сустрэўся з урачом. Свайго ўражаньня пра яго не памяняў, нават наадварот.



20 из 449