– А ты пазвані суседзям і даведайся, ці моцна скарацілі іх планы.

Суседзі – гэта Украіна, Літва і інш.

Што мне суседзі. Я бачу, што нам скарацілі і ня толькі ў параўнаньні з нашым першапачатковым праектам, але і ў параўнаньні з папярэднім планам. Замест павелічэньня ў параўнаньні з планам на 1981-1985 гг., якое мы ў вельмі сьціплых памерах прадугледжвалі, адбылося зьніжэньне: аўтараў выбраных твораў і збораў твораў на 7, тамоў – на 36, улікова-выдавецкіх аркушаў – на 685!

“Міністр” ня надта быў шакіраваны лічбамі. Параіўшы яшчэ, каб наш Саюз пісьменьнікаў зьвярнуўся самастойна ў Маскву, хуценька загаварыў пра іншае. Зноў пра Л. Дранько-Майсюка. Узяў зьверху на стале яго першую кнігу “Вандроўнік” і пачаў зьдзекліва зачытваць з яе “крамольныя” вершы. Бэсьціў і вершы, і іх аўтара. Абвінаваціў яго ў рэлігійнасьці, у містыцызме, у адсутнасьці класавых і грамадзянскіх (значыць, савецкіх) пазіцыяў.

– Як ён можа іншых рэдагаваць, калі сам ненадзейны?

– Ён, напэўна, носіць крыжык!

– Ён зусім глухі да вялікіх эканамічных і палітычных працэсаў у краіне!

– Ён ня піша пра сучасную Беларусь! І г. д. і да т. п.

Мае рэплікі, што нехта піша і пра гэта, што Ахматавых ураўнаважваюць Маякоўскія, што без Ахматавых нельга ўявіць сабе сучасную савецкую літаратуру, што з адным Маякоўскім нясьцерпна было б жыць і г. д, – толькі злавалі Дзяльца.

Хоць і Серафім не маўчаў, а быў са мною заадно, аднак Дзялец закрычаў, што ён са мною ніколі ня можа спакойна размаўляць, што я заўсёды яго ігнарую. Сам ён расхваляваўся і, вядома, не пакінуў спакойным і мяне.

Пасьля гэтага папрасіўся да мяне на прыём выдатны маскоўскі вучоны-гісторык, шчыры патрыёт Беларусі, ахвяра 1937 году, Мікалай Улашчык. Я з радасьцю яго прыняў, як і ня раз ужо было, і з радасьцю паспрабую дапамагчы яму. Справа ў тым, што ён даўно ўжо прабівае да выданьня невялікую (аркушаў з восем) працу пра сваю родную вёску дарэвалюцыйнага перыяду. Праца стаяла ў плане маскоўскага выдавецтва “Навука”, але вучоны сакратар РВС Ліхтэнштэйн выкінуў яе. Я паабяцаў яму сваю дапамогу – праз Геру Шмыгава, які цяпер працуе аж у ЦК КПСС.



16 из 449