Значыцца, ужо нямодна хваліць Машэрава. Як і водзіцца, хваліць трэба кожнага цяперашняга.

Але ж у гэтай самай лютаўскай “Бярозцы” ёсьць яшчэ нешта такое, чым заняліся цяпер і ў ЦК, і ў Дзяржкамвыдзе, і нават… у кадэбэ. Гэта ўрывак з паэмы Леаніда Дранько-Майсюка “Кола”. М.Дзялец ужо званіў, ці гэтая паэма ёсьць у другім Лёневым зборніку, які цяпер рыхтуецца намі да выданьня. Сказаў, каб далі рукапіс у Камітэт. Вось чаму Вячык цікавіцца таксама новым зборнікам “небясьпечнага” аўтара.

У “Бярозцы” Лёню прадставіў Міхась Стральцоў. Аформіў разварот Адам Глобус. Гэты факт таксама ўскладніць Чэсю “тлумачэньне”. Яго ўжо ня раз па­пракалі, што друкуе сваіх сыноў – Глобуса і Шайбака.

20 лютага 1985 г. М. Дзялец паасобку выклікаў сёньня Вадзіма1 і Варлена. З абодвума гаварыў пра Лёню Д.-М. Варлену даручыў вывучыць рукапіс другога яго зборніка, а Вадзіму – “быць строгім да яго, выхоўваць ідэйна, а там паглядзець, калі не паддасца выхаваньню – разьвітацца з ім”.

Пасьля гэтага да мяне зайшоў Вадзім. Не спадабаўся ён мне цяпер: гадзіны паўтары забраў у мяне часу, а так я і не зразумеў дзеля чаго. Усё скардзіўся на Лёню. Адчуваецца, што прыняў усёй душою “канцэпцыю” Дзяльца. Прызнае талент, але ж не падзяляе “ідэйных хістаньняў”. Прасіў, каб я паўплываў на Лёню. Што ж, я, вядома, буду памагаць Лёню, буду асьцерагаць яго ад бязмозглага тупога “сацрэалізму”.

21 лютага 1985 г. Разам з Серафімам2 схадзіў да “міністра”. Сказаў, што праз Маскву шукаю менскіх, “кансультантаў”, якія паўплывалі на такое калецтва нашага плану на 1986-1990 гг. Гэта зьбянтэжыла Дзяльца. Ён пакруціўся ў крэсьле і паспрабаваў адвесьці мяне ў іншы бок пошукаў:



15 из 449