Мяне ня ўзрадавала гэтае паведамленьне. Днямі Варлен1 зьвярнуў маю ўвагу на тое, што ў апошнім зборніку Ул. Караткевіча творы шчодра перасыпаны менавіта такімі “падрыўнымі” і “небясьпечнымі” рэжыму Вячыка праблемамі. Я рукапіс Караткевічаў прачытаў у той самы дзень, калі ён здаў мне яго. Усё там мне было арганічным, патрэбным: усё ў Караткевічавым стылі, у адпаведнасьці з ягоным сьветапоглядам. А раз цяпер ужо гэтыя “праблемы” зноў перайшлі ў ранг антыдзяржаўных, значыць, узьнікнуць цяжкасьці і з публікацыяй зборніка Ул. Караткевіча. Божа, дай моцы вытрываць!

16 лютага 1985 г. Учора цэлы дзень займаўся пахаваньнем Машынага2 сваяка Івана Адамавіча. Цудоўны быў чалавек, цудоўная сям’я наогул – і ў сьціслым сэнсе яго сям’я і ў шырокім – яго радня, з якой ён выйшаў і стаў сапраўдным, усімі паважаным чалавекам.

За ўвесь дзень я ні разу не прыгадаў апошняй сустрэчы з Вячыкам. А сёньня зьбіраючыся на юбілей Івана Навуменкі, я раптам успомніў яшчэ адну “дэтальку,” з той сустрэчы. Вячык, даючы мне тую разьлінееную картку, “растлумачыўшы” яе, “між іншым”сказаў:

– А вельмі добра было б ведаць, хто піша нешта для сябе.

Я ведаю, вядома, што маецца на ўвазе, аднак усё-такі перапытаў.

– Ну, ведаеце, што гэта такое “пісаць толькі сабе”, – кажа ён. – Гэта пісаць нават тады, калі ты ўпэўнены, што ніхто цябе не надрукуе, пісаць і складваць у стол. А раз сабраліся ўжо такія вось запісы, значыць, будзеш рана ці позна шукаць магчымасьць іх апублікаваньня.

Я нічога не адказаў. Ды й ня ўпэўнены, ці чакаў ён ад мяне адказу. Але ж нашто тады сказаў пра гэта? Вельмі падобна на тое, што праз некаторы час пачнуць цікавіцца і пра нашыя паўсядзённыя думкі. Паколькі іх непакоіць пытаньне, хто піша “для шуфляды”, значыць, яны гатовыя рабіць вобыскі і забіраць тыя запісы.

17 лютага 1985 г. Учора я купіў у кіёску дзіцячы часопіс “Бярозка” №2 за гэты год. Купіў сьпецыяльна, паглядзець на некаторыя яго матэрыялы. Днямі рэдактар гэтага выданьня В. Адамчык сказаў мне, што яго выклікае М. Зяньковіч да сябе ў ЦК з тлумачэньнем, чаму, не параіўшыся з імі, надрукаваў апавяданьне Натальлі Машэравай “Шчырасьць” пад рубрыкаю “Навечна ў памяці народнай” – пра яе бацьку, Пятра Міронавіча. Чэсь кажа, што перадрукаваў гэты матэрыял з “Комсомольской правды”.



14 из 449