
У другой палове дня наведаў мяне Вячык2. Пакуль я канчаў нейкія свае справы, ён схапіў на маім стале даўгаватую чыстую картку і пачаў на ёй нешта крэмзаць. Пасьля падаў мне гляджу – нейкая табліца: “Нумар па парадку. Аўтар. Назва твора. Прычыны”.
– Што гэта? – пытаю.
– А гэта, – адказвае ён, – прашу вас зрабіць мне вось паводле такой формы пералік адхіленых выдавецтвам у 1984 годзе рукапісаў. Пажадана было б і адрасок аўтараў даць там.
Я выказаў сваё зьдзіўленьне, прыгадаў, што ён адзін раз ужо хацеў ад мяне такі сьпіс узяць, але ж у ЦК мне не параілі гэта рабіць (праўда, я не інфармаваў тады ЦК, спаслаўся на яго так сабе, каб лепш выратавацца ад такога нахабнага патрабаваньня). Ён сказаў, што гэта трэба ім таму, каб папярэдзіць самавольнае выданьне за мяжою адхіленых намі рукапісаў. Я кажу, што ніхто за мяжою іх ня возьме: “Мы ж адхіляем зусім бездапаможнае ў літаратурна-мастацкім плане”. “Не, вы ж адхіляеце і па прычынах ідэйна-палітычных. Вось такія нас у першую чаргу цікавяць. Штук 15-20 на год, думаю, у вас будзе такіх рукапісаў”.
Мне не было калі аспрэчваць “дапушчэньне”. Аднак рашэньне я прыняў адразу: патрабаваць ад кадэбэ афіцыйнага пісьмовага пацьвярджэньня такога даручэньня, а пасьля і сапраўды прапусьціць яго праз ЦК.
Як і той раз, Вячык пачаў мяне “задобрываць”. Тады “выдаваў” быццам бы мне свае службовыя і дзяржаўныя сакрэты (пра маршала Агаркава і г. д.), а цяпер паабяцаў даваць мне на азнаямленьне “радыёперахопы”, расказаць мне ў панядзелак (гэта значыць, 18 лютага) “пра некаторыя дэталі побыту Рыгора Барадуліна ў Штатах”.
На разьвітаньне спытаў:
– У вас ёсьць праблемы з выпускам другога зборніка Дранько-Майсюка?
– Пакуль, – кажу я, – на мяне ніякіх праблемаў, зьвязаных з гэтым выданьнем, не выводзілі. А якія гэта праблемы?
– Быццам бы, – адказвае ён, – зборнік пабудаваны на Богу, на рэлігіі, на містыцы.
