
А сёньня з 15 гадзінаў будзе абмеркаваньне выставы кніг выдавецтва “Мастацкая літаратура”, выдадзеных на працягу мінулага году. Упершыню выказаў жаданьне наведаць яе і М. Дзялец1. Цяпер усе мае мерапрыемствы бяруцца пад неаслабны кантроль то адной, то другой інстанцыяй.
14 лютага 1985 г. “Правда” ў рубрыцы “З краінаў сацыялізму” дае заметку: “З месца падзеі: Паўсталы з руінаў”. Абуральная заметка! Калі ласка:
“Сёньня ў жыцьці ГДР важная падзея: ва ўрачыстых абставінах адчыняецца адноўлены будынак Дрэздэнскага опернага тэатру, які сорак гадоў таму назад стаў, як і ўвесь горад ахвяраю варварскай англа-амерыканскай бамбардзіроўкі”. Паведамляецца, што там “адбыўся масавы мітынг з выпадку 40-годдзя бамбардзіроўкі англа-амерыканскай авіяцыяй гораду”. На гэтым мітынгу выступіў сам Э. Хонэкер.
Заметку падпісаў нейкі В. Кабанаў, уласны карэспандэнт “Правды”. Прозьвішча цалкам адпавядае духу газеты і яе пісакаў.
Варта пагартаць тую самую “Правду” перыяду той бамбардзіроўкі, каб пераканацца ў супрацьлеглым падыходзе да яе ацэнкі тады і цяпер. Тады гэта быў слынны прыклад добрай волі саюзьнікаў, іх рашучасьці ў падтрымцы Савецкай арміі, іх мужнасьці і г. д. Цяпер… вось якая сьвінячая пасьлядоўнасьць! Зрэшты, такі самы падыход і да гісторыі з Хірасімай і Нагасакі. Тады – апладысьменты і зайздрасьць, што гэта не СССРаўскі подзьвіг быў. Цяпер – абвінавачваньне выканаўцаў той сапраўды жудаснай і зусім не патрэбнай для перамогі над праціўнікам акцыі.
Варварства трэба называць варварствам заўсёды, безадносна да таго, якой мэце яно служыць. Бамбардзіроўка Дрэздэна варварская? Так, варварская! І тады, і цяпер! А, скажам, Берліну? Таксама! Але ж гэтае “таксама” трэба б памножыць недзе, можа, у тысячы разоў! Аднак і дагэтуль, калі ў савецкім друку, у вуснай прапагандзе згадваецца пра “ўзяцьце Берліна”, дык апрача захапленьня “савецкай ваеннай стратэгіяй і тактыкай, больш нічога нельга там вычытаць ці пачуць. Цікава? Вельмі! Вайна амерыканцаў у В’етнаме – варварства, вандалізм. Вайна саветаў у Афганістане – дабрачынная і інтэграцыйная акцыя. Дзіўна? Дзіўна да абурэньня!
