Справай “старанна” займалася пракуратура Ленінскага раёну г. Менску і вінаватых… не знайшла! Забойцы засталіся ў партыі прывілеяванымі яе членамі… Яны надалей працягваюць выхоўваць студэнтаў у духу камунізму. Зьдзекуюцца над самымі таленавітымі, над тымі, хто здольны ў пануючых вакол іх парадках бачыць антынародныя злачынствы. А гэтыя злачынствы кожны дзень, кожную хвіліну робяцца ў імя чысьціні ідэяў марксізму-ленінізму, у імя ўмацаваньня савецкага патрыятызму і інтэрнацыяналізму, карацей, -- з мэтай дэнацыяналізацыі беларусаў і іншых народаў.

13 лютага 1985 г. На тым тыдні Адам Глобус папрасіў у мяне дазволу павесіць у выдавецтве аб’яву пра выставу твораў маладых мастакоў. Я, натуральна, такі дазвол даў. Аб’яву павесілі на самым “лобным месцы” – перад маім кабінетам. Аб’ява – самаробная, выканая ў двух колерах – чорным і чырвоным, на шэраватай нізкай шчыльнасьці паперы фармату 61,4 см х 83,4 см.

Выстава мелася быць два тыдні. Арганізавалі яе хлопцы ў цэнтральным вестыбюлі Дома літаратара. Экспазіцыя адносна невялікая – карцінаў з паўсотні. Усё гэта творы эксьперыментальныя. Гэтым і цікавая павінна была быць выстава. Менавіта “павінна была”. Але ж, на жаль, не была. Не пасьпелі хлопцы разьвесіць свае шэдэўры, як прабег чыноўнік з Саюзу мастакоў і разагнаў іх, загадаў “ад імя кіраўніцтва Саюзу дэманціраваць гэтую выставу”. Каб зьмякчыць абурэньне прысутных, а іх было нямала, нават з Вільні былі, з газетаў, ён паабяцаў, што яны дазволяць праз некаторы час гэтую выставу ў памяшканьні саюзу мастакоў. А гэта азначае, што выставу, калі яна і будзе, паглядзяць значна менш людзей – толькі адны мастакі, што прыходзяць у саюз.

Вось яшчэ адна праява свабоды творчасьці па-савецку.



11 из 449