– А гэты мясьнік так і “раскашаваў” у гэтым доме аж да 1957 году?

– Ну што вы, хто б дазволіў такое? – чую ў адказ тое, што і сам ведаю. Але ж мая цікаўнасьць была па-каралеўску ўзнагароджаная працягам адказу. З прыходам у 1939 годзе савецкай улады ў гэтым доме разьмяшчаўся раённы камітэт дзяржаўнай бясьпекі, тады, здаецца, ён ня так называўся.

Я ледзь не самлеў ад такога адкрыцьця. На языку круцілася пытаньне, дзе цяпер мясьнік. Але я ня стаў так доўга трымаць чалавека, бо я ж у яго не адзін. Да таго ж упэўнены, што тое НКУС сьпярша арыштавала мясьніка, вывезла ў Сібір яго сям’ю, адмыла са сьценаў кроў хатняй жывёлы і толькі пасьля гэтага пачало пырскаць на яе чалавечай крывёю.

О, Богі! І цяпер менавіта тут музей менавіта Дзяржынскага!

Дом пафарбаваны ў густа-чырвоны колер. Мабыць, маляры сьвядома ці з нечые каманды гэта робяць – колер рэвалюцыі, маўляў. Я ж уяўляю сабе, гледзячы на гэты будынак, кроў. Кроў мясьніковых ахвяраў. Кроў ахвяраў таго НКУС. Кроў тых усіх разнайменных крывавых органаў, бацькам і патронам якіх быў і ёсьць той, як палякі яшчэ да 1939 года казалі, crwawy Feliks.

Экскурсавод сабраў усіх перад гэтым дзівосным домам дзеля фатаграфаваньня. Я з маімі думкамі ня мог ні пазіраваць, ні тым больш малітоўна стаяць на фоне гэтага злавеснага мясьніковага дому. Другі раз фатаграфаваньне было арганізаванае перад помнікам гэтаму Феліксу ў яго бацькоўскай сялібе. І таксама без мяне.

З мяне было досыць таго, што я здабыў. Праўда, дзеля поўнага “шчасьця” вынаходцы мне ўсё-такі трэба дазнацца ўсё пра таго мясьніка і яго сям’ю, пра іх лёс, што-небудзь аб працягу мясьніковай дзейнасьці яго “пераемнікаў”, а можа, і пра іхніх сёньняшніх нашчадкаў.

У Івянцы ў нас было паўгадзіны вольных. Усе разышліся па сваіх справах. Я пайшоў у кнігарню. Тут яна на другім паверсе “прамтаварнай крамы” райспажыўкааперацыі. Купіў некалькі патрэбных мне публікацыяў. Па-першае, альбом “Пластыка Беларусі ХІІ-ХVІІІ стагоддзяў”.



26 из 449